Паэтычная вечарына "Чароўная кветка беларускай паэзіі"

   20 лістапада ў Воранаўскай раённая бібліятэцы адбылася паэтычная вечарына “ Чароўная кветка беларускай паэзіі”, прысвечаная 70-годдзю з дня нараджэння вядомай беларускай паэтэсы Яўгеніі Янішчыц.  
    Любая творчасць — акт самаздзяйснення. Калі праз творчасць раскрываецца чалавек таленавіты, з боскім дарам, і такая самарэалізацыя становіцца сэнсам жыцця - гэта ўжо ўласныя набыткі не толькі яго, а і іншых людзей. Твор можа застацца невядомым, народжаны адзінкавым усплёскам унутранай энергіі творцы, а можа набыць доўгае жыццё, калі прасякнуты высокай духоўнай энергетыкай асобы аўтара. Творчасць - арэна самасцвярджэння, дыханне, без якога няма жыцця. Менавіта такой паэтэсай з боскай іскрай, якой дадзена было тварыць як дыхаць і чые кнігі - наш мастацкі набытак, была і ёсць для нас Яўгенія Янішчыц.
     Палеская ластаўка, Палесся мілае дзіця, палеская летуценніца - так назвалі ў нашай літаратуры гэтую выдатную паэтку, якой, на вялікі жаль, было суджана пражыць усяго сорак гадоў.
   Яўгенія Янішчыц увайшла ў беларускую паэзію так, як гаспадыня ўваходзіць ва ўласны добра абжыты дом, - свабодна, нязмушана і натуральна, - зазначае Дз. Бугаёў.
    Пра яе яркі і самабытны талент у розныя часы з вялікай прыхільнасцю гаварылі Іван Мележ і Максім Танк, Аркадзь Куляшоў і Пімен Панчанка, Янка Брыль і Ніл Гілевіч, Алег Лойка, Янка Сіпакоў і многія іншыя беларускія пісьменнікі.
   Удзельнікі мерапрыемства пачулі пра паэтэсу, у кароткім жыцці і ў творчасці якой напоўнена любоў – да прыроды, роднай мовы, да людзей. Ведаць такіх творцаў неабходна кожнаму беларусу. Вершы Я.Янішчыц  «Ты пакліч мяне, пазаві…», «Я вас люблю», «Паэтэса» чыталі вучні 10 “Б” класа.