Мінулае пакінула тут цэлы рад выдатных помнікаў гісторыі і культуры: дом-крэпасць у в.Гайцюнішкі, сядзібны дом і парк у в.Больцінікі, касцёл Успення Прасвятой Дзевы Марыі ў в.Нача, касцёл Іаана Хрысціцеля ў в.Беняконі і іншыя.
    Усё гэта стварае спрыяльныя ўмовы для свабоднага і камфортнага пражывання на тэрыторыі Воранаўскага раёна больш за 29 тысяч чалавек, многія з якіх — людзі таленавітыя, здольныя, самабытныя: мастакі, скульптары, майстры народнай творчасці, калекцыянеры, музыканты, паэты.
   Вядучая роля ў духоўна-маральным, грамадзянска-патрыятычным, мастацка-эстэтычным выхаванні і адукацыі насельніцтва належыць бібліятэчнай сістэме Воранаўскага раёна.

 З гісторыі стварэння Воранаўскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы

       Першыя згадванні пра некаторыя населеныя пункты Воранаўскага раёна адносяцца да 1217 года. У летапісы "Манумента Германіка" згадваюцца г.п.Радунь і в.Жырмуны. У больш позніх пісьмовых крыніцах канкрэтныя, але вельмі лаканічныя і фрагментарныя звесткі, што датычацца тэрыторыі сучаснага Воранаўскага раёна, сустракаюцца толькі з канца 14 стагоддзя. Таму гісторыя нашага краю ў эпоху высокага сярэдневечча (10-13 стагоддзі) практычна не даследавана.
      У 1557 году Радунская воласць была прыпісана да каралеўскіх валадарстваў караля Польшчы Жыгімонта-Аўгуста.  Тэрыторыя раёна ўваходзіла ў склад ВКЛ да канца 18 стагоддзі. Пасля трэцяй часткі Рэчы паспалітай (1795 год) тэрыторыя раёна ўвайшла ў склад Расійскай імперыі Лідскага павета Віленскай губерні.
     1919-1939 гады - тэрыторыя раёна была акупавана войскамі буржуазнай Польшчы. У 1939 году тэрыторыя раёна ўвайшла ў склад БССР.
      Воранаўскі раён утвораны 15 студзеня 1940 года з цэнтрам у пасёлку Воранава і ўваходзіў у склад Баранавіцкай вобласці, а 20 верасня 1944 года Воранаўскі раён увайшоў у склад Гродзенскай вобласці (Пастанова Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 20 верасня 1944 года). З чэрвеня 1941 года па ліпень 1944 года тэрыторыя Воранаўскага раёна акупавана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У ліпені 1944 года Воранаўскі раён вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
       У 1962 годзе Радунскі раён увайшоў у склад Воранаўскага раёна.
    Бібліятэка патрэбна людзям заўседы. Яна - значная ўстанова культуры, таму што без ведаў, без інфармацыі не можа функцыяніраваць ні адна дзяржава. Бібліятэка – захавальніца дасягненняў агульначалавечай памяці, крыніца абнаўлення, развіцця грамадства.

   Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў з верасня 1945г. пачала працаваць у г.п.Воранава бібліятэка. Для яе быў выдзелены невялікі пакой. Дабрачыннымі ахвяраваннямі мясцовых жыхароў у першыя месяцы было сабрана  каля 700 кніг. З году ў год павялічваліся яе фонды, расла колькасць чытачоў.
       Рашэннем райвыканкама №351 ад 27.10.1954 г. ў раёне былі адкрыты 7 сельскіх бібліятэк, 6 хатаў-чытальняў. 2 хаты-чытальні і 4 сельскія бібліятэкі размяшчаліся ў прыватных памяшканнях.
       У сельскіх бібліятэках працавалі 7 загадчыкаў сельскімі бібліятэкамі, з іх 4 чалавекі мелі 10 класаў адукацыі, 3 чалавекі – 8 класаў. Загадчыкамі хат-чытальняў – 6 чалавек, з іх 1 чалавек меў 10 класаў адукацыі, 5 чалавек – 7 класаў.
      1955 год. Абслугоўвалі 1220 чытачоў, кнігавыдача складала 25 000 экзэмпляраў дакументаў. Ад бібліятэкі арганізавана 20 перасовак, якія знаходзяцца на фермах, у канторах калгасаў, у МТС, пры ПТВ, райздраўпунктах. МБА карыстаецца 45 чалавек. Штомесячна праводзяцца дзьвухдзенныя семінары (за год праведзена 10 семінараў). Работнікамі бібліятэкі зроблена 30 выяздаў у сельскія бібліятэкі па аказанню практычнай і метадычнай дапамогі. У бібліятэцы працуюць 3 супрацоўнікі: загадчыца бібліятэкі Апочкіна Зінаіда Цімафееўна, бібліятэкар Заўгародняя Зінаіда Іванаўна, загадчыца перасоўным фондам Шаўцова Раіса Карпаўна.
       Бібліятэка займае асобную комнату ў памяшканні РДК: абанемент і чытальная зала. У бібліятэцы маюцца 5 стэлажоў, 7 сталоў, 32 крэслы.
       Напрыканцы 1955 года райкам партыі аддаў пад бібліятэку памяшканне парткабінета, якое складалася з трох комнат.

        1960 год. У раёне працуе 8 сельскіх бібліятэк, дзьве бібліятэкі пры СДК і 20 прыклубных бібліятэк. Кніжны фонд складае 82684 асобнікі. Усяго чытачоў у бібліятэках 6059 чалавек, абслугоўваюцца абанементам - 4508 чалавек, перасоўкамі - 1551.
        Кніжны фонд Воранаўскай раённай бібліятэкі налічвае 24 844 асобнікі. Наведваюць бібліятэку 1804 чытачы. У зону абслугоўвання ўваходзяць 600 двароў, дзе пражывае 1903 пісьменных жыхароў. Кніга даведзена да кожнай сям’і. Ад бібліятэкі працуюць 15 перасовак. Па МБА заказана 135 кніг, атрымана 93. Супрацоўнікамі зроблена 79 выяздаў у сельскія бібліятэкі.  
        Працуюць тут 4 супрацоўнікі: загадчыца бібліятэкі Ралько Лідзія Цімафееўна, загадчыца перасоўным фондам Драбісава Раіса Трафімаўна, загадчыца дзіцячым аддзяленнем Івашнева Зоя Іванаўна, бібліятэкар Заўгародняя Зінаіда Іванаўна. 

             

        У 1964г. у Воранаўскім раёне налічваецца 4 бібліятэкі ў гарадскіх пасёлках, 20 сельскіх бібліятэк, 31 бібліятэка пры клубах, працавалі 190 бібліятэк-перасовак, 4 пункты выдачы, 63 кніганошы, 73 чытальнікі.
        У 1965г. у раёне працавалі 22 сельскія бібліятэкі, 31 прыклубная, 1 гарпасялковая, 2 дзіцячыя бібліятэкі, 1 раенная. Раённая бібліятэка працавала ў цеснай сувязі з бібліятэкамі райкома партыі і СПТВ-14. Абанементамі абслугоўваліся 979  чытачоў, на перасоўках – 349 чалавек. Працавалі ў бібліятэцы 3 супрацоўнікі, загадчыцай была Л.Ц.Смірнова.
        У 1970г. у раёне працавалі 37 сельскіх бібліятэк, 11 - прыклубных, Воранаўская раенная, Радунская гарспасялковая, 3 дзіцячыя — у Воранаве, Радуні, Беняконях. 19 бібліятэк знаходзілася ў дзяржаўных памяшканнях, 16 — у калгасных і саўгасных, 2 — у прыватных. Працавалі 37 чалавек, у іх ліку 5 — з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, 1 чалавек займаўся ў ВНУ, 3 – у тэхнікуме (завочна).

                      


         Адметным для бібліятэчнай справы на Воранаўшчыне стаў 1976г. У раёне функцыянавалі 53 сельскія, 1 раённая, 1 гарпасялковая, 2 дзіцячыя бібліятэкі. Бібліятэкі раёна аб’ядналіся ў адзіную цэнтралізаваную бібліятэчную сістэму.
Воранаўская бібліятэка была пераўтворана ў цэнтральную раённую бібліятэку і набыла функцыі метадычнага цэнтра. 7 бібліятэк, якія ўзначальваюць загадчыкі філіалаў, абслугоўваюць больш за 700 чытачоў кожная. 19 бібліятэк (старшыя бібліятэкары) абслугоўваюць больш за 500 чытачоў кожная. 21 бібліятэка (бібліятэкары) абслугоўваюць ад 200 да 400 чытачоў.

         З 1990г. вядзецца работа па ўпарадкаванні бібліятэчнай сеткі: у 1991г. былі скарочаны 2 сельскія бібліятэкі з-за цяжкага эканамічнага становішча, недахопу фінансавых сродкаў, востра паўстае праблема камплектавання фондаў. Бібліятэкі шукаюць дадатковыя крыніцы набыцця літаратуры.  

       З 2001г. бібліятэка прыступіла да аўтаматызацыі інфармацыйна-бібліяграфічных працэсаў у рабоце сістэмы. У першую чаргу аўтаматызаваны працэс камплектавання і апрацоўкі новых паступленняў. Аўтаматызацыя і тэхнічнае пераўзбраенне бібліятэк унеслі карэнныя змены ў традыцыйныя бібліятэчныя тэхналогіі і дазволілі больш якасна абслугоўваць чытачоў.
  

         На 2004 г. кніжны фонд бібліятэк раёна складае 398,8 тыс. экз.,  25,9 тыс. чытачоў. У мэтах больш якаснага абслугоўвання чытачоў уведзены платныя паслугі: выдача выданняў на дом з фондаў чытальных залаў, ксеракапіраванне, арганізаваны камерцыйны фонд, чытачы могуць за плату карыстацца выданнямі павышанага попыту.
           Сёння бібліятэкі ЦБС займаюць значнае месца ў сацыяльна-культурным развіцці раёна. Работа бібліятэк накіравана на інфармацыйна-дакументальнае забеспячэнне запытаў чытачоў, духоўнае і эстэтычнае выхаванне падрастаючага пакалення, на адраджэнне, развіццё беларускай нацыянальнай культуры, гісторыі і гістарычнай спадчыны. Для больш поўнага і эфектыўнага задавальнення інфармацыйных запытаў чытачоў у бібліятэках ЦБС створаны інфармацыйныя цэнтры, дзе сабрана інфармацыя па вядучых галінах грамадска-палітычнага, эканамічнага і культурнага жыцця раёна.
         Камп’ютарны парк Воранаўскай ЦБС ў 2015 годзе налічвае 43 камп’ютэры. Усяго камп’ютарызавана 19 бібліятэк. Выхад у ІНТЭРНЭТ і электронны адрас маюць 19 бібліятэк сістэмы. На базе цэнтральнай бібліятэкі, інтэграванай бібліятэкі аграрадка Жырмуны, Беняконскай сельскіх бібліятэк, Радунскай гарпасялковай створаны мультымедыйныя цэнтры. На базе Воранаўскай дзіцячай бібліятэкі створаны інфармацыйна-адукацыйны цэнтр. Чытачы 15-ці сельскіх бібліятэк маюць магчымасць карыстацца электронным каталогам. Прававая база “Эталон-WIN” працуе ў цэнтральнай бібліятэцы, інтэграванай бібліятэцы аграгарадка Жырмуны, Доцішскай сельскіх бібліятэках.    
         У 2014 годзе карыстальнікі наведалі бібліятэку амаль 16 тысяч разоў, ім выдадзена звыш 32,5 тысяч экзэмпляраў бібліятэчных дакументаў.
         На працягу апошніх гадоў для карыстальнікаў бібліятэкі прадастаўляецца 25 віды платных паслуг. Так за 2014 год ад аказання платных паслуг насельніцтву цэнтральная раённая бібліятэка зарабіла 19 мільёнаў 175 тысяч рублёў.
         Новыя магчымасці ў плане атрымання патрэбнай інфармацыі прадстаўляе карыстальнікам Публічны цэнтр прававой інфармацыі (ПЦПІ), які працуе з 2002 года. Сёння тут сабрана юрыдычная літаратура і заканадаўчыя акты па ўсіх накірунках дзейнасці сучаснага грамадства, створаны папкі-дасье. З набыццём кампьютэра і поўнатэкставай прававой базы данных “Эталон-WIN” бібліятэка выконвае запыты чытачоў па пошуку неабходных карыстальнікам нарматыўна-прававых актаў. Інфармацыйныя рэсурсы ПЦПІ ў Воранаўскай ЦБ на 01.01.2015 года складаюць 1996 экзэмпляраў дакументаў, з іх 1241 экзэмпляры кніг і брашур, 736 перыядычныя выданні, 19 электронныя дакументы Паслугамі цэнтра карыстаюцца 436 чытачоў, з іх служачыя – 201, навучэнцы ВНУ і СНУ – 53, пенсіянеры – 28, рабочыя – 33 і іншыя. Колькасць наведванняў за год складае прыкладна 707 разоў. У апошні чацвер кожнага месяца ў прававым цэнтры можна атрымаць бясплатную юрыдычную кансультацыю.
            З 2007 года цэнтральная раённая бібліятэка працуе ў аўтаматызаваным рэжыме па праграме “ALIS 2000”. 15 камп'ютараў аб’яднаны ў лакальную сетку, ёсць выхад у Інтэрнэт і электронная пошта. Модуль АБІС “Рэгістрацыя і абслугоўванне чытачоў” устаноўлены ў аддзеле абслугоўвання і інфармацыі. З 2007 года пры бібліятэцы працуе мультымедыйны цэнтр, які дае магчымасць чытачам карыстацца электроннымі дакументамі з фонда ЦБ. У кастрычніку 2010 года у чытальнай зале бібліятэкі арганізавана аўтаматызаванае месца для інвалідаў па зроку. Таксама ў аўтаматызаваным рэжыме вядзецца камплектаванне і апрацоўка бібліятэчных фондаў. Супрацоўнікі аддзела камплектавання, апрацоўкі і арганізацыі адзінага фонду актыўна працуюць над стварэннем электроннага каталога на адзіны бібліятэчны фонд ЦБС.

  
                

       Фонд бібліятэкі па стану на 01.01.2015 года налічвае  70,7 тысяч экзэмпляраў дакументаў, з іх 66,2 тыс. - кнігі і брашуры, 43,8 тысяч экзэмпляраў часопісаў, 137 камплектаў газет, 93 электронныя дакументы і іншыя.
        Сёння бібліятэчная сістэма аб’ядноўвае 19 бібліятэк, з іх 1 раённая цэнтральная, 1 гарпасялковая, 1 дзіцячая, 16 сельскія бібліятэкі. Бібліятэчны фонд складае 321,8 тыс. экзэмпляраў, ім карыстаюцца 18,036 тыс. чытачоў.
         У сучасны перыяд Воранаўская цэнтральная раённая бібліятэка займае важнае месца ў сацыяльна-культурным развіцці грамадства. Галоўная яе мэта – задавальненне інфармацыйных запытаў карыстальнікаў, што пастаянна растуць і мяняюцца. Прыярытэтным накірункам дзейнасці бібліятэкі з’яўляецца краязнаўчая работа, работа па адраджэнню культурнай і літаратурнай спадчыны, арганізацыі вольнага часу, правядзенне мерапрыемстваў для розных груп насельніцтва.
          Для маладых і цікаўных, для тых, хто думае аб жыцці, імкнецца зрабіць яго разнастайным і цікавым, працуе літаратурна-музычная гасцёўня “Надзея”. На працягу многіх гадоў гэта аб’яднанне ладзіць сустрэчы з цікавымі людзьмі, запрашае педагогаў, юрыстаў, мясцовых паэтаў, музыкантаў. Тут праводзяцца літаратурныя вечары, фальклорныя святы, вечары-сустрэчы і інш.  Добра наладжана сувязь з настаўнікамі і вучнёўскім калектывам Воранаўскай сярэдняй школы.
      Сваю дзейнасць цэнтральная раённая бібліятэка каардынуе з грамадскімі і дзяржаўнымі арганізацыямі раёна.    
         Вялікую даследчую, актыўную выдавецкую, прафесійна-граматную метадычную і практычную работу на месцах праводзяць супрацоўнікі аддзела бібліятэчнага маркетынгу. Яны заўсёды ў творчым пошуку новых ідэй, перадавога вопыту, у актыўнай дзейнасці  па вывучэнню і ўкараненню ў практыку работы бібліятэк сістэмы. На працягу апошніх гадоў вялася мэтанакіраваная работа па рэалізацыі як рэспубліканскіх, абласных, так і рэгіянальных мэтавых праграм: “Дзеці Беларусі”, “Моладзь Беларусі”, “Папярэджванне інваліднасці і рэабілітацыя інвалідаў”, “Край мой родны - Воранаўшчына”. Ладзіліся конкурсы прафесійнага майстэрства “Візітная картка маёй бібліятэкі”, праведзена маркетынгавае даследаванне на тэму “Тыдзень высокай якасці ў бібліятэцы”. За год супрацоўнікі аддзела склалі, падрыхтавалі і выдалі такія матэрыялы як “І будзе слова землякоў гучаць над роднаю старонкай” (зборнік вершаў таленавітых людзей Воранаўшчыны), “Приглашаем в Сказкоград всех девчонок и ребят” (сцэнарыі для тэатралізаваных пастановак рускіх народных казак), “З чаго пачынаецца Радзіма” (лістоўка з вопыту работы бібліятэк Воранаўскай ЦБС па патрыятычнаму выхаванню), “Бібліятэчных спраў майстры” (з вопыту работы бібліятэк ЦБС) і шмат іншых.
         У бібліятэках змяняецца практыка работы з чытачамі, адбываецца адыход ад стэрэатыпаў, ідзе асэнсаванне свайго месца і ролі ў грамадстве. Павялічваюцца інфармацыйныя магчымасці, узрастае якасць абслугоўвання. Вялікі ўплыў на змену іміджу бібліятэк і змест іх дзейнасці  аказала ўкараненне новых тэхналогій, аўтаматызацыя бібліятэчных працэсаў, якія ажыцяўляюцца згодна праграмы “Развіцце культуры Беларусі на 2011-2015 гады”. На пачатак 2015 года ў раёне камп’ютарызавана 19 бібліятэк, у якіх налічваецца 43 камп’ютараў, у тым ліку 17 – у цэнтральнай бібліятэцы. Доступ у Інтэрнэт і электронную пошту маюць 19 бібліятэк. Электронны каталог ЦБ перададзены 15 бібліятэкам сістэмы, яго аб’ем складае 125894 тыс.бібліяграфічных запісаў. У 7 бібліятэках працуюць мультымедыйныя цэнтры, у дзіцячай бібліятэцы працуюць інфармацыйна-адукацыйныя цэнтры. Створаны афіцыйны WEB-сайт Воранаўскай ЦБС. Сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі дапамагаюць вырашыць праблему аператыўнасці, эфектыўнасці, паўнаты інфармацыі, дазваляюць кардынальна пашырыць спектр дакументаў і інфармацыі, паскорыць іх прадастаўленне карыстальнікам.
          Усе дасягненні бібліятэк Воранаўскага раёна, ад першых дзён да сучаснасці, гэта вынік жыцця і працы, адданага служэння справе не аднаго пакалення яе супрацоўнікаў. Дзякуючы ім бібліятэчная справа дасягнула сёняшніх здабыткаў. Значны ўклад у развіццё бібліятэчнай справы на Воранаўшчыне ўнеслі людзі, якія ведаюць і любяць сваю справу, не цураюцца ўсяго новага і перадавога: Зінаіда Іванаўна Заўгародняя, Тэкля Браніславаўна Мікутайціс, Лідзія Цімафееўна Смірнова, Уладзіслава Адольфаўна Абрамчык, Людміла Якаўлеўна Луцэнка, Ганна Міхайлаўна Венціс, Святлана Фёдараўна Садоўская, Марыя Парфенаўна Сотава, Марыя Браніславаўна Борка, Яніна Казіміраўна Кулдаш, Ядвіга Іосіфаўна Станевіч, Ніна Уладзіміраўна Куфтава, Часлава Тадэвушаўна Бабкова, Таццяна Мікалаеўна Шчыгла, Таісія Мікалаеўна Лукашун, Еўдакія Іосіфаўна Валіцкая, Валянціна Іванаўна Вайшвіла, Ганна Аляксандраўна Панушкіна, Зофія Сцяфанаўна Юхно, Вольга Мар’янаўна Юрго, Галіна Уладзіславаўна Масель, Ганна Леанардаўна Мялешка і іншыя.
         На сённяшні дзень чытачоў бібліятэк абслугоўвае 38 бібліятэчныя работнікі. Калектыў ЦБС знаходзіцца ў творчым пошуку новых форм работы з чытачамі. Дзякуючы ім бібліятэкі раёна сталі месцамі задавальнення інфармацыйных патрэб, зносін, адпачынку, куды з жаданнем прыходзяць дзеці і дарослыя.
        З 1990г. Воранаўскую ЦБС узначальвае Таццяна Рыгораўна Сушынская. Каб ажыцяўляць агульнае кіраўніцтва бібліятэкамі, арганізаваць і кантраліраваць работу, забяспечваць падбор і расстаноўку кадраў, ствараць неабходныя ўмовы для працы, для творчага росту работнікаў, патрэбна быць і метадыстам, і майстрам слова, і арганізатарам спраў. І з гэтым Таццяна Рыгораўна спраўляецца выдатна. Гэта энергічны, здольны, творчы, патрабавальны кіраўнік.
         Бібліятэка ніколі не спыняецца на дасягнутым, бо ўсімі магчымымі формамі і метадамі калектыў імкнецца стварыць спрыяльныя ўмовы чытачам для работы і адпачынку, працягвае традыцыі ветэранаў бібліятэчнай справы.

Ветэраны працы Воранаўскай ЦБС

       Заўгародняя Зінаіда Іванаўна
(працоўны стаж у бібліятэцы – 40 гадоў) нарадзілася 19 верасня 1925 года ў в.Бражына Дарагабужскага раёна Смаленскай вобласці. У час вайны была эвакуіравана ў Заходнюю Беларусь, засталася ў Воранава. У 1946 годзе ўступіла ў рады камсамола і з верасня 1946 года працуе бібліятэкарам у Воранаўскай бібліятэцы. У 1949 годзе паступіла на завочнае аддзяленне ў Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум. Пасля заканчэння якога яе пераводзяць на пасаду загадчыка абанемента раённай бібліятэкі. Зволілася з пасады ў ліпені 1986 года.
        Зінаіда Іванаўна – вопытны, старанны спецыяліст бібліятэчнай справы, улюбёная ў кнігу, бібліятэку супрацоўніца. Амаль 40 гадоў аддала Зінаіда Іванаўна бібліятэчнай справе. Яна выдатна ведала прыхільнасці і захапленні сваіх пастаянных чытачоў, а таму заўсёды параіць ім, якую кнігу можна узяць пачытаць. У кожную справу яна ўкладала часцінку сваёй душы. Праводзімыя мерапрыемствы вызначаліся цікавай формай правядзення і навізной тэм. За сваю плённую працу яна ўзнагароджваецца медалем “За трудовую доблесть”, да 100-годддзя з дня нараджэння У.І.Леніна.

                  

          Смірнова Лідзія Цімафееўна
нарадзілася 17 мая 1939 года ў в.Падарэссе Старадарожскага раёна Мінскай вобласці. Скончыла ў 1957 годзе Мінскі бібліятэчны тэхнікум і была накіравана на работу ў Воранаўскі раён, дзе ўзначаліла Забейгаўскую сельскую бібліятэку. У маі 1958 года пераведзена на пасаду загадчыцы Воранаўскай раённай бібліятэкі. У 1961 годзе выбрана другім сакратаром РК ЛКСМБ. У 1963 годзе зноў узначальвае бібліятэку. З 1976 года - дырэктар Воранаўскай цэнтралізаванай сістэмы.
         У 1966 годзе закончыла Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут па спецыяльнасці “Бібліятэказнаўства і бібліяграфія”. Свой працоўны шлях даўжынёй у 32 гады яна самааддана працавала на ўстанаўленне і развіццё бібліятэчнай справы ў Воранаўскім раёне. Тут найбольш поўна раскрыўся яе талент як кіраўніка, арганізатара, яе праца адрознівалася творчым падыходам, мэтанакіраванасцю. Яна не жыла толькі сёняшнім днем – яе думкі былі скіраваны на будучыню і перспектыўныя напрамкі развіцця бібліятэчнай справы. З ёй лёгка было працаваць, таму што ведалі, заўсёды адчувалі падтрымку і дапамогу ў любой справе. Яна вельмі ўважліва ўнікала ва ўсе пытанні і праблемы, шчодра дзялілася сваімі ведамі і вопытам з больш маладымі калегамі.
       Лідзія Цімафееўна – ініцыятар многіх мерапрыемстваў, якія праводзіліся ў раёне, вяла актыўную грамадскую работу.
За сваю працу яна была неаднаразова ўзнагароджана Ганаровымі граматамі абласнога ўпраўлення культуры, граматамі і грашовымі прэміямі аддзела культуры.
         У 1970 годзе узнагароджана медалём “За трудовую доблесть” (у сувязі са 100-годдзем з дня нараджэння У.І.Леніна), 1976 год – знакам “Победитель соцсоревнования”. 
 
             

          Сотава Марыя Парфёнаўна
нарадзілася 14 студзеня ў вёсцы Кучукоўшчына, Мсціслаўскага раёна Магілеўскай вобласці. Да 1941 года скончыла 9 класаў. У час акупацыі немцамі тэрыторыі працавала на сельскай гаспадарцы. У 1945 годзе па камсамольскай пуцёўцы прыехала працаваць у Воранаўскі раён. Да 1954 года працуе настаўніцай у Паляцкішскай школе. З 1954 года па 1989 год працуе загадчыцай Паляцкішскай сельскай бібліятэкі. Закончыла Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум імя А.С.Пушкіна.
          У пасляваенныя гады фарміруецца фонд бібліятэкі. Ішоў час, прыходзілі працаваць новыя людзі, але росквіт бібліятэкі пачаўся з прыходам на працу Марыі Парфёнаўны. Вельмі актыўна супрацоўнічала яна з грамадскасцю, камсамолам. Кніга даводзіцца да кожнай сям’і, кожнага працуючага.
       У 1965 годзе Паляцкішская бібліятэка з’яўляецца метадычным цэнтрам для ўсіх бібліятэк сельскага Савета. Для іх Марыя Парфёнаўна праводзіць заняткі бібліятэчнай вучобы, аказвае практычную і метадычную дапамогу. Укараняе перадавы вопыт Яраслаўцаў “Каждой книге – свой адрес”. 1969 год – бібліятэцы прысвоена званне “Библиотека отличной работы”. Амаль штогод бібліятэка займала то І, то ІІ месца за поспехі, дасягнутыя ў сацыялістычным спаборніцтве з уручэннем “Переходящего Красного вымпела”. Узнагароджвалася Ганаровымі граматамі, Падзякамі, грашовымі прэміямі ўпраўлення культуры, аддзела кульутры.

          Мікутайціс Тэкля Браніславаўна
нарадзілася ў 1943 годзе ў в.Жамойцішкі Воранаўскага раёна. Пасля заканчэння сярэдняй школы ў 1959 годзе пайшла працаваць у Любартаўскую хату-чытальню. У 1963 годзе пераведзена ў Падзітвянскую сельскую бібліятэку. З 1968 года яна ўзначальвае Воранаўскую дзіцячую бібліятэку.
         Затым з 1972 года працуе загадчыцай перасоўнага фонда Воранаўскай раённай бібліятэкі. У сувязі з цэнтралізацыяй з 1976 года яна ўзначальвае аддзел камплектавання і апрацоўкі адзінага фонду. Актыўна праводзіцца работа па фарміраванні кніжных фондаў, стварэнні даведачнага апарата аддзела камплектавання і апрацоўкі, ствараецца генеральны алфавітны каталог.
        Яе заўсёды адрознівала спалучэнне патрабавальнасці да сябе і тых, хто працаваў побач, з уменнем падтрымаць, дапамагчы. З паразуменнем і падтрымкай адносіцца да маладых спецыялістаў, дзеліцца сваім прафесійным вопытам. Пастаянна працуе над павышэннем свайго прафесійнага ўзроўню. Завочна закончыла Мінскі педагагічны інстытут, факультэт “Бібліятэказнаўства і бібліяграфіі”.
      За гады сумленнай працы карысталася заслужаным аўтарытэтам і павагай кіраўніцтва і калег. Яе работа неаднаразова была адзначана ўзнагародамі ўпраўлення культуры, аддзела культуры Воранаўскага райвыканкама: Ганаровымі граматамі, Падзякамі, грашовымі прэміямі.
 
         

        Куфтава Ніна Уладзіміраўна
прыехала працаваць у Воранаўскі раён па накіраванню пасля заканчэння ў 1976 годзе Магілёўскага бібліятэчнага тэхнікума імя А.С.Пушкіна. Нарадзілася яна 1953 годзе ў в.Алекшыцы Лагойскага раёна Мінскай вобласці. Узначаліла Пагародзенскую сельскую бібліятэку. Трыццаць шэсць гадоў аддала Ніна Уладзіміраўна бібліятэчнай справе. Гэта імя вядома ўсім, хто хоць аднойчы пераступіў парог Пагародзенскай сельскай бібліятэкі. Яна выдатна ведала свой фонд і сваіх чытачоў, іх прыхільнасці і захапленні, а таму заўсёды магла параіць ім, якую кнігу лепш узяць пачытаць. Калі патрэбная чытачу кніга адсутнічала ў фондзе, то бібліятэкар прапанавала яму магчымасці МБА. Прафесіяналізм Ніны Уладзіміраўны адчуваюць і высока цэняць чытачы. Сама ж Ніна Уладзіміраўна лічыць, што прафесія бібліятэкара трымаецца на самаадданай і паўсядзеннай працы. Асаблівую ўвагу яна звяртае на папулярызацыю творчасці беларускіх паэтаў і пісьменнікаў.
         Ніна Уладзіміраўна арганізатар аматарскага аб’яднання “Крынічка”, якое працуе пры бібліятэцы ужо больш дзесяці год. На пасяджэннях яго чытачы-аматары роднай мовы і літаратуры вывучалі, глыбей пазнавалі таямніцы роднай мовы, гісторыі і культуры Беларусі, былі ўдзельнікамі беларускіх народных святаў і абрадаў. У кожную справу яна ўкладае часцінку сваёй душы. Распрацаваныя ёй мерапрыемствы вызначаюцца цікавай формай правядзення і навізной тэм.
        Ініцыятыўнасць, добразычлівасць, уважлі-васць, ветлівасць, творчы падыход да спраў – гэта далёка не поўны пералік як прафесіянальных, так і чалавечых якасцей Ніны Уладзіміраўны. За сваю добрасумленную працу яна не адзін раз атрымлівала ўзнагароды і грашовыя прэміі. У 1993 годзе ўзнагароджана Дыпломам ІІ ступені за ўдзел у конкурсе “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”, 2001 год – аб’яўлена Падзяка за высокі ўзровень падрыхтоўкі да фестывалю “Мастера искусств – труженникам села”, па выніках акцыі “Пішам гісторыю вёскі”, прысвечаную Году сельскай культуры (2006 год), Пагародзенская бібліятэка прызнана лепшай і атрымала ў падарунак камп’ютар.

            

         Борка Марыя Браніславаўна
нарадзілася ў 1949 годзе ў вёсцы Лялянцы Воранаўскага раёна. У 1966 годзе закончыла Забалацкую сярэднюю школу. У красавіку 1967 года прыйшла працаваць на пасаду загадчыка Гіркаўскга клуба і прыклубнай бібліятэкі, а з 1969 года працуе загадчыкам перасоўным фондам Радунскай гарпасялковай бібліятэкі. У 1973 годзе была пераведзена на пасаду загадчыцы Радунскай дзіцячай бібліятэкі, дзе і працавала да ліпеня 2011 года.
           Ва ўтульным памяшканні бібліятэкі працуюць два аддзелы: абанемент і чытальная зала. Абслугоўванне вядзецца з улікам патрэб чытачоў. Марыя Браніславаўна робіць усё, каб вучні і настаўнікі школ, выхавальнікі дзіцячых садкоў і іншыя групы насельніцтва маглі знайсці ў бібліятэцы адказы на пытанні, якія іх цікавяць.
            З 1982 года пры Радунскай дзіцячай бібліятэцы плённа працуе клуб аматараў лялечнага тэатра “Залаты ключык”, кіраўніком якога з’яўляецца Марыя Браніславаўна. Мэта, якую ставяць перад сабой стваральнікі клуба – прапаганда эстэтычных ведаў, развіццё творчых здольнасцей дзяцей. Дзеці вучацца бачыць прыгажосць, ствараць яе ў сваёй бібліятэцы, атрымліваць асалоду ад гэтага.
          За цікавае і змястоўнае правядзенне мерапрыемстваў сярод дзіцячага чытача па эстэтычнаму выхаванню і арганізацыю сямейнага чытання, за актыўную прапаганду кнігі сярод дзяцей і падлеткаў Марыя Браніславаўна неаднаразова ўзнагароджвалася граматамі ўпраўлення культуры, аддзела адукацыі.
        1991 год – узнагароджана дыпломам упраўлення культуры “За творчую работу па эстэтычнаму выхаванню”. Па выніках рэспубліканскага агляду-конкурсу на лепшую пастаноўку работы бібліятэк у межах дабрачыннай праграмы “Жыццё патрабуе міласэрнасці” атрымала каштоўны падарунак “За арганізацыю сістэмнай і планавай работы, накіраванай на эстэтычнае развіццё”.
        У 2001 годзе Марыя Браніславаўна прымала ўдзел у рэспубліканскім семінары работнікаў культуры і мастацтва “Аб мерах па расшырэнні праблем развіцця культуры і мастацтва”. За ўдзел у аглядзе-конкурсе на лепшую пастаноўку работы бібліятэк у межах дабрачыннай праграмы “Жыццё патрабуе міласэрнасці” атрымала каштоўны падарунак “за арганізацыю сістэмнай і планавай работы, накіраванай на эстэтычнае развіццё”.